Відавочна, што юрыдычная ліквідацыя арганізацый далёка не заўсёды прыводзіць да спынення яе дзейнасці, роўна як і прамыя рэпрэсіі супраць індывідуальных дзеячаў культуры зусім не абавязкова прыводзяць да спынення іх дзейнасці. Аднак дадзеныя лічбы дапамагаюць нам ацаніць маштабы стратаў беларускай культуры за апошнія тры гады і перашкодаў, з якімі сутыкаюцца культурныя дзеячы і арганізацыі ўнутры краіны.
Другая акалічнасць, якую трэба ўлічваць падчас аналізу сітуацыі ўнутры Беларусі, заключаецца ў тым, што сярод арганізацый, якія трапілі ў фокус даследавання, мінімум палова носіць трансгранічны характар, калі асноўныя аргструктуры знаходзяцца па-за межамі Беларусі, аднак дзейнасць тым ці іншым чынам звязана з працэсамі і аўдыторыяй унутры Беларусі на розных стадыях "культурнага цыклу", у большай ступені звязаных са стварэннем, распаўсюджваннем і спажываннем культурных прадуктаў, у меншай - з вытворчасцю і
дэманстрацыяй. (Прыклад для ілюстрацыі: з 35 арганізацый, якія прынялі ўдзел у анлайн-апытанні, 21 назвалі Беларусь у якасці краіны, на якую распаўсюджваецца іх дзейнасць, з улікам таго, што “чыста” беларускіх арганізацый сярод іх было ўсяго 5. Апытанне не рэпрэзентатыўнае, таму мы не можам перанесці гэтае размеркаванне на ўвесь сектар культурніцкіх арганізацый, аднак можна меркаваць, што і ў цэлым сітуацыя выглядае падобным чынам). Па-трэцяе, на фоне бесперапынных рэпрэсій і ліквідацыі абсалютнай большасці грамадскіх арганізацый і іншых суб'ектаў у полі незалежнай беларускай культуры, яна перайшла ў паўпадпольны, а дакладней будзе сказаць - у партызанскі стан. Ва ўмовах адсутнасці незалежных пляцовак, беларускія актары выкарыстоўваюць дзяржаўную інфраструктуру для падтрымання працэсаў трансляцыі культуры: музеі, бібліятэкі, кнігарні, дамы творчасці, нават выставы і фестывалі, якія арганізуюцца беларускімі ўладамі (аж да “Славянскага базару ў Віцебску”). Аднак гэтая актыўнасць непублічная і часцей за ўсё добра завуаляваная, таму ў ацэнцы інтэнсіўнасці культурнага працэсу ў Беларусі мы сутыкаемся з вялікімі цяжкасцямі. Падлік дзяржаўных "устаноў культуры" саміх па сабе не мае сэнсу, а для аналізу "жывога" культурнага працэсу патрэбныя больш глыбокія даследаванні, уключанае назіранне, сістэматычнае адсочванне.
З больш-менш публічных працэсаў можна адзначыць пакуль не вельмі маштабную, але намечаную тэндэнцыю на з'яўленне новых культурных прастораў у розных гарадах, аднак пакуль незразумела, наколькі яна ўстойлівая.
У ходзе анлайн-апытання сярод самых прыкметных і ўплывовых у розных сектарах арганізацый і ініцыятыў называліся: Беларуская Рада культуры, Беларускі ПЭН, “Будзьма”, Купалаўцы, грамадская арганізацыя “Годна”, Фундацыя Tutaka, выдавецтва “Янушкевіч”, Беларускія магістраты, CreateCulture Group, медыяпраект sekktor, Kamunikat, “Кніжны воз”, Беларускі Свабодны тэатр, “Дом творцаў”, Ambasada Kultury ды іншыя арганізацыі, у тым ліку тыя, што працуюць у Беларусі.
Такім чынам,
падводзячы вынік дадзенай часткі, мы можам зафіксаваць наступнае.
У перыяд 2020-2023 гады поле арганізацый і ініцыятыў у сферы культуры зведала сутнасныя змены.
Мінімум 220 культурніцкіх НКА розных прававых формаў былі ліквідаваныя,
каля 2000 беларускіх культурных дзеячаў падпалі пад рэпрэсіі ці сутыкнуліся з парушэннем культурных, сацыяльна-эканамічных ці грамадзянскіх правоў.
На сённяшні дзень поле незалежных арганізацый і ініцыятыў у сферы культуры, якія маюць адносную ўстойлівасць (і існуюць больш за паўгады) можна ацаніць прыкладна ў
180-200 арганізацый. Сярод найбольш заўважных у полі арганізацый ёсць як арганізацыі “з гісторыяй”, так і ініцыятывы, якія ўзніклі на хвалі культпратэсту 2020 года або пасля 2020 года ў эміграцыі.
Каля
10-15% арганізацый і ініцыятыў дзейнічаюць выключна ў Беларусі, астатнія маюць дыяспаральны або трансгранічны характар. Акрамя таго, у Беларусі як у арганізацыйнай, так і ў індывідуальнай якасці працягваецца дзейнасць па стварэнні і распаўсюджванні культурных прадуктаў, аднак даць яе колькасную адзнаку на дадзены момант не ўяўляецца магчымым у сілу яе "партызанскага" характару.